ActiveCloud і RoboLab распачынаюць праграму падтрымкі навучання на беларускай мове. Дзве ІТ-кампаніі аб’ядналіся, каб зрабіць працэс беларускамоўнага навучання больш даступным. Мы прапануем зніжку ў памеры 50% для бацькоў, якія абралі для сваіх дзяцей магчымасць спазнаваць свет па-беларуску.
RoboLab распрацаваў беларускамоўны курс робататэхнікі для дзетак 6-10 гадоў, якія любяць родную мову і хочуць атрымліваць на ёй веды. На занятках іх вучаць канструяваць мадэлі з LEGO і "ажыўляць" іх з дапамогай візуальных асяроддзяў праграмавання.
CEO RoboLab Аляксей Парошын так пракаментаваў запуск праграмы :
“Для мяне мова - гэта культурны код. Гучанне мовы, сэнс яе слоў, якія закладалі нашы продкі, вяртае памяць, традыцыю, сувязь, падмурак для разумення, хто ты ёсць і адкуль твае карані. Я адчуваю, што мова, на якой чалавек выказвае эмоцыі, уплывае на самі эмоцыі, таму што яны пражываюцца па-іншаму. І вось, адчуўшы глебу пад нагамі - мову і родную культуру, ты можаш рухацца далей, мысліць, уяўляць, вынаходзіць, мроіць, вывучаць новыя мовы і адкрываць новы свет. Робататэхніка па-беларуску ад Robolab стварае ўмовы, каб падчас заняткаў прагучала: "Годзе мне сядзець! Жах! Колькі часу змарнавала! Гм! Бацюхны! Ведаю! О-то-то! Атрымалася!”
Для ActiveCloud гэта ўжо другі праект падтрымкі нацыянальна арыентаваных праектаў. Увесну стартавала акцыя “Гадуем бізнес па-беларуску!”, у межах якой кампаніі, што развіваюць беларускамоўную версію ўласнага сайта, атрымліваюць зніжку на размяшчэнне сваіх вэб-рэсурсаў. Цяпер ActiveCloud робіць наступны крок, дапамагаючы беларускамоўным дзеткам мадэляваць свет на роднай мове.
CEO ActiveCloud Павел Ганчар адзначае:
“Я вельмі цешуся тым, што сапраўднымі ініцыятарамі гэтай праграмы з’явіліся бацькі навучэнцаў школы робататэхнікі, што кажа пра попыт і іх актыўную пазіцыю ў пашырэнні ўжытку беларускай мовы за межы сямейнага кола. Для нас у ActiveCloud яна таксама – не музейны экспанат для ўздыхаў і замілавання, але адна з рабочых моў у міжнароднай групе кампаній. З бізнесовага пункту гледжання беларуская мова ёсць эфектыўным дыферэнцыятарам для выкарыстання ў прома-сферы, з педагагічнага ж – наймацнейшым складнікам самаідэнтыфікацыі будучага пакалення беларусаў. Веру, што яны сябе не згубяць, але зробяць краіну лепшай, вартай любові і гонару.”
Ствараем будучыню разам!